Лазаковіч Мікалай Віктаравіч

05.03.195423.12.2017

23 снежня 2017 г. памёр вядомы беларускі вучоны – доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Лазаковіч Мікалай Віктаравіч.

М. В. Лазаковіч нарадзіўся 5 сакавіка 1954 года ў горадзе Бабруйску. У 1971 годзе скончыў сярэднюю школу i паступіў на механіка-матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння з адзнакай у 1976 годзе механіка-матэматычнага факультэта быў накіраваны ў аспірантуру Вільнюскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1982 годзе абараніў дысертацыю на атрыманне вучонай ступенi кандыдата фізіка-матэматычных навук. З 1980 года працаваў на кафедры функцыянальнага аналіза (з 1 верасня 2017 года на кафедры функцыянальнага аналіза і аналітычнай эканомікі) Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе прайшоў шлях ад асістэнта да прафесара. У 1996 годзе абараніў дысертацыю «Дыферэнцыяльныя раўнанні з выпадковымі функцыямі ў алгебрах абагульненых выпадковых працэсаў» на атрыманне вучонай ступенi доктара фізіка-матэматычных навук. Вучонае званне прафесара прысвоена ў 2004 годзе. З’яўляўся вучоным сакратаром савета па абароне дысертацый  Д 02.01.07 пры БДУ і членам рэдакцыйных калегій двух навуковых часопісаў.

Асноўныя працы прысвечаны лімітавым тэарэмам тэорыі імавернасцей, абагульненым выпадковым працэсам, стахастычным дыферэнцыяльным раўнанням. Навуковая дзейнасць М. В. Лазаковіча была звязана з даследваннем мнемафункцый. Ім  былі пабудаваны канструкцыі алгебр абагульненых выпадковых працэсаў. На аснове створанага апарата алгебр М. В. Лазаковіч распрацаваў новы навуковы накiрунак у тэорыі стахастычных дыферэнцыяльных раўнанняў, які заснаваны на тонкім аналізе рознасных раўнанняў, што апраксімуюць дадзенае стахастычнае дыферэнцыяльнае. Ім былі даследаваны новыя класы стахастычных дыферэнцыяльных раўнанняў, дыферэнцыяльныя раўнанні з абагульненымі каэфіцыентамі, дыферэнцыяльныя ўключэнні і інш.

М. В. Лазаковіч актыўна ўдзельнічаў ў падрыхтоўцы матэматыкаў. Пад яго кіраўніцтвам створана навуковая школа па тэорыі алгебр абагульненых выпадковых працэсаў і яе дастасаваннях. Падрыхтаваў 10 кандыдатаў фізіка-матэматычных навук.

Акрамя плённай навуковай працы М. В. Лазаковіч займаўся актыўнай педагагічнай дзейнасцю, выкладаў курс «Тэорыя імавернасцей і матэматычная статыстыка», распрацаваў шэраг арыгінальных спецыяльных курсаў, кіраваў дыпломнымі, магістарскімі і аспіранцкімі працамі.

Мікалай Віктаравіч з’яўляўся вядомым спецыялістам па тэорыі імавернасцей, тэорыі выпадковых працэсаў, дыферэнцыяльных раўнаннях, у тым ліку стахастычных, аўтарам больш за 100 навуковых прац, у тым ліку падручніка з грыфам Міністэрства адукацыі Рэспублiкi Беларусь «Тэорыя iмавернасцей» (у 2013 годзе выйшла ў свет трэццяе выданне падручнiка), «Руска-беларускага матэматычнага  слоўнiка», двух вучэбных дапаможнікаў.

За шматгадовую плённую навукова-педагагічную дзейнасць быў узнагароджаны Граматамі БДУ, Граматай (2008) і Ганаровай граматай (2013) Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Мікалай Віктаравіч быў знакамітым матэматыкам, высокакваліфікаваным лектарам, духоўна багатым чалавекам з вострым пачуццём гумару. Калектыў механіка-матэматычнага факультэта, кафедра функцыянальнага аналіза і аналітычнай эканомікі выказваюць шчырыя спачуванні родным і блізкім М.В.Лазаковіча. Светлая памяць аб ім застанецца ў нашых сэрцах.

А. Б. Антаневіч, В. І. Бахцін, В. I. Бернiк, В. В. Гарохавік, В. I. Громак, А. М. Дудзiн, В. А. Еравенка, П. П. Забрэйка, Э. I. Звяровiч, В. Р. Кротаў, А. У. Лебедзеў, А. А. Левакоў, М. Х. Мазель, Д. Г. Мядзведзеў, В. І. Піндрык, С. П. Сташулёнак, У. У. Шлыкаў, А. Л. Яблонскі

Публiкацыi

Аўтар больш чым 100 навуковых и навукова-метадычных прац. Сярод iх 9 навучальных i навучальна-метадычных дапаможникаў. Найбольш значныя:

  1. Русско-белорусский математический словарь [Я. В. Радыно и др.]. – Минск, 1993. –239 с.;
  2. Теория вероятностей: учебник / Н.В. Лазакович, С.П. Сташулёнок, О.Л. Яблонский. – 2-е изд., перераб. и доп. – Минск: БГУ, 2007.–311 с.
  3. Лазакович Н.В., Яблонский О.Л. Стохастические $theta$-дифференциалы в алгебре обобщенных случайных процессов // Доклады НАН Беларуси. – 1998. – Т. 42, №4. – С. 18–22.
  4. Лазакович Н.В., Сташулёнок С.П., Яблонский О.Л. Некоторые аппроксимации стохастических $theta$-интегралов // Литовский матем. сборник. – 1999. – Т. 39, № 2. – С. 248–256.
  5. Лазакович Н.В., Яблонский О.Л. О приближении решений одного класса стохастических уравнений // Сиб. матем. журнал. – 2001. – Т. 42, № 1. – С. 87–102.
  6. Ковальчук А.Н., Лазакович Н.В., Яблонский О.Л. О приближении решений новых классов стохастических уравнений в $theta$-интегралах // Вести НАН Беларуси. Сер. физ.-мат. наук. – 2002. – № 3. – С. 47–54.
  7. Лазакович Н.В., Сташулёнок С.П., Яблонский О.Л. Интегро-дифференциальные уравнения для функционалов от случайных процессов Леви. Симметрический случай // Доклады НАН Беларуси. – 2002. – Т. 46, № 6. – С. 23–27.
  8. Лазакович Н.В., Яблонский О.Л. On the approximation of the stochastic equation with $theta$–integrals // Stochastics and Stochastics Reports. – 2004. – V. 76, № 2. – P. 135–145.
  9. Лазакович Н.В., Яблонский О.Л. Предельное поведение итовских конечных сумм с осреднением // Теория вероятностей и ее применения. – 2005. – Т. 50, № 4. – С. 711–732.
  10. Лазакович Н.В., Сташулёнок С.П.Аппроксимация стохастических интегралов Ито и Стратоновича элементами прямого произведения алгебр обобщённых случайных процессов// Теория вероятностей и её применения. — 1996. — Т. 41, вып.4. — C. 785–809.
  11. Лазакович Н.В., Сташулёнок С.П., Стемковская Т.В. Ассоциированные решения уравнений в дифференциалах в прямом произведении алгебр обобщённых случайных процессов//Теория вероятностей и её применения. — 1998. — Т. 43, вып.2. — С. 272–293.
  12. Lazakovich, N.V.; Yablonskii, O.L. On Approximation of Solutions to One Class of Stochastic Equations. Siberian Mathematical Journal. — 2001. — Vol. 42, Iss. 1. — P. 75-90.

Падручнiкi, метадычныя дапаможникi

  1. Лазакович Н.В., Сташуленок С.П., Яблонский О.Л.. Курс теории вероятностей : учебное пособие. — Минск : Электронная книга БГУ, 2003. – 322 с.
  2. Жданович В.Ф., Лазакович Н.В., Радыно Н.Я., Сташуленок С.П. Задания к лабораторным работам по курсу теории вероятностей и математической статистики в двух частях. Часть 2. : для студентов специальности H.01.01.00 «Математика». – Минск : БГУ, 1999. – 48 с.
  3. Жданович В.Ф., Лазакович Н.В., Радыно Н.Я. Задания к лабораторным работам по курсу теории вероятностей и математической статистики в двух частях. Часть 1. : для студентов специальности H.01.01.00 «Математика». — Минск : БГУ, 1998. – 37 с.

Профиль на Google Scholar